Пасольства Беларусі ў Зімбабвэ прыняло ўдзел у Дыпламатычным дабрачынным базары
17.10.2026 г.17 кастрычніка 2026 г. супрацоўнікі Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Зімбабвэ сумесна з аташэ па пытаннях абароны пры Пасольстве і мультыбрэндавым сэрвісным цэнтрам айчыннай тэхнікі Bison Agro Machinery прынялі ўдзел у штогадовым Дыпламатычным дабрачынным базары (Diplomatic Charity Bazaar 2026), арганізаваным Асацыяцыяй мужаў і жонак дыпламатаў (DSA) на базе спартыўнага клуба «Old Georgians Sports Club» у г. Харарэ.
Беларусь упершыню была маштабна прадстаўлена на дадзеным мерапрыемстве ў якасці паўнапраўнага ўдзельніка дабрачыннага базару і Параду нацый.
У традыцыйным Парадзе нацый і мерапрыемствах на беларускім стэндзе прыняла ўдзел дэлегацыя Беларускай партыі «Белая Русь» на чале са Старшынёй Вольгай Чамаданавай, якая знаходзіцца ў Рэспубліцы Зімбабвэ з візітам по запрашэнні кіруючай партыі ЗАНУ-ПФ.
У рамках нацыянальнага павільёна была арганізавана маштабная прэзентацыя гандлёва-эканамічнага, прамысловага і культурна-гуманітарнага патэнцыялу Рэспублікі Беларусь. Увазе наведвальнікаў і ўдзельнікаў базару былі прапанаваны традыцыйныя сувеніры, аўтэнтычныя вырабы з аршанскага льну, панчошна-шкарпэтачная прадукцыя, дзіцячыя цацкі, макеты сусветна вядомых беларускіх трактароў, трыкатажныя вырабы, а таксама знакамітая беларуская малочная прадукцыя, уключаючы згушчанае малако, і кандытарскія вырабы.
Асаблівую цікавасць гасцей мерапрыемства выклікала гастранамічная секцыя беларускага стэнда. Наведвальнікі змаглі прадэгуставаць традыцыйныя стравы нацыянальнай кухні і хатнюю выпечку, прыгатаваныя супрацоўнікамі дыпмісіі, у тым ліку беларускае сала, аўтэнтычны хлеб, мясныя і сырныя вырабы, саленні, а таксама хвараст і шарлотку. Прэзентацыя беларускага нацыянальнага касцюма і кулінарных традыцый стала яркім укладам ва ўмацаванне міжкультурнага дыялогу і выклікала высокае прызнанне сярод жыхароў і гасцей Харарэ.
Беларускі павільён наведалі ганаровы госць дабрачыннага базару — Міністр турызму і індустрыі гасціннасці Рэспублікі Зімбабвэ Барбара Рводзі, Старшыня Асацыяцыі мужаў і жонак дыпламатаў Мар'яна Груіч, кіраўнікі і супрацоўнікі 26 дыпламатычных місій, акрэдытаваных у Харарэ, прадстаўнікі МЗС Зімбабвэ, дзяржаўных органаў, устаноў адукацыі, грамадскасці.
Вялікая ўвага на беларускім стэндзе была нададзена самым маленькім наведвальнікам базару. Беларускі павільён прыняў актыўны ўдзел у спецыяльнай дзіцячай пазнавальнай праграме. Юныя госці атрымлівалі імправізаваныя «пашпарты» і здзяйснялі своеасаблівае падарожжа па павільёнах краін. Пры наведванні беларускай экспазіцыі дзеці даведваліся пра цікавыя факты пра нашу краіну, упісвалі ў свае «пашпарты» назву кантынента і сталіцу Беларусі — Мінск, а таксама атрымлівалі на памяць уклеены сцікер з выявай Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь і шакалад ад вядучых беларускіх вытворцаў.
Удзел беларускага боку ў базары пацвердзіў прыхільнасць Рэспублікі Беларусь прынцыпам дружбы і ўзаемаразумення, а таксама дазволіў унесці практычны ўклад у дабрачынныя ініцыятывы Асацыяцыі мужаў і жонак дыпламатаў па падтрымцы мясцовых абшчын і рэалізацыі значных сацыяльных праектаў у Зімбабвэ.